суббота
Вершы
Х. Песня лірніка
Ой, заплакалі гучныя струны,
Загулі, бы вятры над Дняпром,
І напеў той зычлівы і сумны
Паліць сэрцы прарочым агнём.
Старац белы забыўшыся грае,
Песня сілаю дзіўнай гучыць,
Пакаленням жывым прамаўляе,
Каб не смелі былога забыць.
Плача лірнік, зрываецца голас,
Выюць струны, бы ў поўнач ваўкі,
Просяць нас зберагчы жытні колас,
Каб раздольна цвілі васількі.
Каб ніхто не забыўся ніколі
Пра мінуўшчыны велічны шлях,
Быў вальнейшым сярод самых вольных,
Меўшы прадзедаў вечны пасаг.
У пасагу багацці і скарбы,
Падарункі, якіх не сустрэць,
Гукі, колеры, пахі і фарбы,
Паспяшайцеся іх разглядзець!
Гэта водары роднага краю,
Гэта зорнага неба агні,
Дудароў, гусляроў песні-баі,
Што спрадвечнаю праўдай жылі.
Гэта золак туманны і росны,
Гэта словы братоў і дзядоў.
Лёгкі строй беларускі наш просты
І баграніца уладароў.
Гэта замкі, касцёлы і цэрквы,
Вежы, брамы, званы, алтары,
Знак “Пагоні” стагоддзямі верны,
Сведкі-капішчы і курганы.
Цуда-камні і сосны святыя,
Горкі водар травы ў палынох.
Збажына і пшаніцы густыя,
Што буяюць красой у палёх…
Песня лірніка вечна жывая
Для сумленных нашчадкаў гучыць.
Ён жа зноў нас усіх заклікае,
Каб не смелі Радзіму забыць.
Страницы
- « первая
- ‹ предыдущая
- 1
- 2
- 3
- 4