среда
Вершы
Дарога
Да дзядулі з бабуляй пайду,
Можа там у іх будзе гасцінна,
Можа там я дзяцінства знайду,
Можа час не збягае няспынна?
Прыгарнуся дзіцячай душой,
Пацалую у шчочку ласкава,
Павядуць мяне ў сад за сабой,
Дзе шчымлівая восень ступала.
А мо ўвесну сустрэнемся мы,
Светлым ранкам на вуліцы роднай,
Пабягу я хутчэй напрасткі,
Усміхнуцца мне вочы лагодна.
На тым свеце жывуць мо, жывуць?
Адыходзяць хваробы і гора?
Хоць бы голас мне родны пачуць,
Колькі год, а было як учора…
Ўсе туды мы паціху ідзём,
Як жыццёвай дарогай ступаем.
Хіба там мо спагаду знайдзём,
Хіба там шлях зямны прыгадаем?
Сон акардэона
Светлы сон акардэона
Ў барвах восені туманнай
Павядаў душы натхнёна
Аб нязведаным спатканні.
Мроілася нам сустрэча
І застаўся успамінам
Незабыўны цёплы вечар,
Гронкі спелыя рабіны.