Вершы

Уладзімір Мірончык

Запавет

На той мове пісалі даносы,

Запаўнялі расстрэльныя бланкі,

Пратаколы складалі, дапросы,

Над магілай падпісвалі планкі.

 

Адзначалі рады казематаў,

На ватоўках пазнакі рабілі,

Распрацоўвалі лаянку матаў,

Катаваных без права судзілі.

 

Твая ж мова ад таты і мамы,

Даўніх прашчраў, дзеда, бабулі,

Ёй не ведамы ліха, падманы,

Перасылкі і чорныя кулі.

 

Твая мова крынічнай вадою,

Белым снегам крыштальным іскрыцца,

І пакуль яна будзе з табою,

Беларускай зямлі не скарыцца!

 

Малітва

Зноў душа гаротная заходзіцца,

Зноў малітву небу я дашлю,

Захіні, Святая Багародзіца,

Тых, каго спрадвечна я люблю!

 

І таго , каго яшчэ не ведаю,

І каго хвароба гне к зямлі

Хай Твая малітва пераследуе

І ратуе ў роспачныя дні.

 

                ***

Апошнім разам прымушалі

Нас па-нямецку гаварыць,

Праклятых ворагаў прагналі,

Цяпер ізноў душа баліць.

 

Афарызмы

              ***

Пачуцце дні растання пераможа,

Калі ж згарыць апошні дзень журлівы,

Цані таго, хто без цябе не можа,

Ня йдзі за тым, хто без цябе шчаслівы.

 

                    ***

Не рабі паспешнага прызнання,

Хай плыве павольна час густы,

Хто не зразумеў твайго маўчання,

Для таго і словы — гук пусты.

 

                     ***

Мы думкамі сусвет ужо аббегалі,

Ды ўсё шукаем новых тэмаў дня,

Каб гаварылі толькі то, што ведалі,

Якая б наступіла цішыня.

 

                    ***

З пагардай часта паглядаем,

Штодзень з надменнасцю ідзём,

Парады кроплямі прымаем

І вёдрамі іх раздаём.

 

                  ***

Часам, каб заняць высокі пост,

Перажыць ліхое давядзецца,

Бо усё часцей кар’ерны рост

Шляхам палавым перадаецца.

 

                  ***

Учора днём з адной прахожай

Мяне дарожанька звяла,

Яна была такой прыгожай,

Што быць разумнай не магла.

         

Сторінки