четвер
Вершы
***
Дзвесце пачэсных мужоў
Зноў засядаюць сур’ёзна,
Колькі саноўных галоў,
Толькі ніводнага мозга.
***
З ваеннымі не раз я сустракаўся,
Таму засвоіў ісціну адну —
Ў якую б форму ты не апранаўся,
Фуражка дэфармуе галаву.
***
Сёння, як ніколі, дурасць зборная
Лезе ў неразумны нізкі лоб,
Кожная асоба непаўторная
Ў калектыўны верыць гараскоп.
***
Хоць вучыліся, ды ўсё ж
Прынялі без руху
Калектыўны злы смярдзёж
За адзінства духу.
***
Пакручасты лёс пляце
Павуціны парныя -
Што не ворагі твае,
То сябры каварныя.
***
У сэрцы носім раны да пары,
За погляд, слова рэзкае, памылку,
Як часта пакідаюць нас сябры,
А ворагі збіраюцца ў капілку.
***
Што не замярзае на марозах?
Што ратуе кропелькай адной?
Пэўна алкаголь у дробных дозах
Нам карысны ў колькасці любой.
***
Скуль паганая парода
Лезе кіраваць усім?
Што не бацька для народа —
То чарговы сукін сын.
***
Вечнасці рака
Князя абмывае,
Моцная рука
Чыстай не бывае.
***
Гэтаму веку імкліваму
Не даспадобы бяспечнасць,
Шчасце каротка шчасліваму,
Гора гаротнаму — вечнасць.
***
Рэгулярна за нас выбіраюць,
Кабінетамі мысляць за нас,
Што не дзень, то мудрэй абуваюць,
Ах, які не цікавы наш час.
***
Каб вы зналі, як пагана
Кампазітары жывуць,
Устаюць заўсёды рана
І гарэлку вечна п’юць.
***
Справа добрая за вугал
Сёння выйшла пагуляць,
Злыя людзі, быццам вугаль,
Раз не паляць, то чарняць.
***
Часам, бывае, мудрасці
Не дасягнуць і дна,
Ды па шляху далёкасці
Старасць прыйшла адна.
***
Цяжкае жыццё, як не круці,
Хутка ты на слова мне паверыш,
Колькі у дзяржавы не крадзі,
А свайго назад ніяк не вернеш.
***
Зноў забіты да адказу
Новыя смартфоны,
І нясуць адтуль заразу
Нам пропагандоны.
***
Ці застацца навек маладым,
Ці насмешлівым быць, ці сур’ёзным?
Так, жывём мы пад небам адным,
Гарызонт жа у кожнага розны.
***
Бывае, ў Гасподніх руках
Жыццё так павернецца смела,
Што грэшнікам стане манах,
Палач зробіць Божае дзела.
***
Цвёрдая пазіцыя
Сведчыць нам усім,
Што мазгоў кандыцыя
Мяккая зусім.
***
Колькі грошай прыбірае
Скупердзяй і сталоп,
Аднаго не ўспамінае —
Без кішэняў будзе гроб.
***
Саграшы на гэтым свеце,
Можа лепей стане жыць,
Бо, па векавой прыкмеце,
Там ужо не саграшыць.